Калі вы знайшлі памылку, калі ласка, вылучыце фрагмент тэксту і націсніце Ctrl+Enter.
“Шкляная” архітэктура: як зрабіць яе бяспечнай для птушак?
Апошнія навіны,Навіны Беларусі ад 23 жніўня 2022 года
У сучаснай архітэктуры ўсё болей шкла. Гэты трэнд мае свае перавагі, але ёсць і сур’ёзны аспект, на які варта звярнуць увагу архітэктарам. “Шкляныя” будынкі – забойчая пастка для птушак.
Так, шкло надае будынкам лёгкасць, упісвае яго ў навакольнае асяроддзе, дазваляе эканоміць энергію за кошт пропуску натуральнага святла. Але адваротны бок медаля – тое, што ад шкляных паверхняў гіне мноства птушак. І гэтай праблемай варта заняцца яшчэ на этапе праектавання.
У птушак найлепшы зрок сярод хрыбетных жывёл, але яны не бачаць празрыстых паверхняў і не ўспрымаюць іх як перашкоду. Наадварот, у шкле яны бачаць адлюстраванне звыклай для сябе прасторы. Але птушкі не ўспрымаюць яе як адлюстраванне, а бачаць перад сабой такое ж звыклае асяроддзе, куды можна паляцець.
Верабей, які сутыкнуўся з шыбай
Калі птушка ляціць на хуткасці 40 км/г, раптоўнае сутыкненне з нечаканай перашкодай часцей за ўсё заканчваецца смерцю. Затармазіць у апошні момант не дапаможа.
Штогод у свеце ад сутыкненняў з празрыстымі паверхнямі гінуць мільярды птушак. Толькі ў ЗША гэта мільярд на год, у Канадзе – 25 мільёнаў. Паводле падліку па швейцарскай методыцы, зробленага ў 2009 годзе, у Беларусі пры сутыкненнях з шыбамі штогод гінуць больш за 1,5 мільёны птушак. З ростам колькасці будынкаў, асабліва “шкляных”, будзе павялічвацца і колькасць ахвяр.
Валанцёры ініцыятывы Safe Birds ужо некалькі гадоў праводзяць маніторынг сутыкненняў птушак з шыбамі ў Атаве (Канада). Такую экспазіцыю ініцыятыва ладзіць штогод, каб людзі ўсвядомілі маштабы праблемы. Гэтыя 1600 мёртвых птушак, якія сутыкнуліся з шыбамі, – малая частка ад тых, што гінуць у горадзе штогод з гэтай прычыны. Фота: capitalcurrent.ca
Прыродаахоўнікі называюць сутыкненне птушак са шклянымі паверхнямі адной з галоўных прычын зніжэння колькасці птушак у свеце.
Калі побач з вокнамі растуць дрэвы (ці нават толькі адно дрэва), то яго адлюстраванне можа завабіць птушку і яна сутыкнецца з шыбай. Часам птушкі ўспрымаюць уласнае адлюстраванне за суперніка і кідаюцца на яго, але б’юцца аб шкляную паверхню.
Зараз у гарадах нават невялікія будынкі часта будуюць з выкарыстаннем шкла і іншых шкляных паверхняў, так, каб яны нібы знікалі з публічнай прасторы, зліваліся з асяроддзем, а не дамінавалі ў ім і не прыгняталі людзей.
Прыпынак у Мінску. Празрыстыя сценкі небяспечныя для птушак. Фота: наш архіў
На жаль, большасць такіх будынкаў небяспечныя для дзікай прыроды, а значыць, і для якасці навакольнага асяроддзя ды псіхалагічнага камфорту чалавека: від мёртвых ці аглушаных птушак, безумоўна, не выклікае станоўчых эмоцый, а хутчэй абуджае трывогу.
Зрабіць шкло бяспечным для птушак можна на этапе вытворчасці або апрацоўкі шкляных паверхняў, а можна пасля таго, як будынак ці канструкцыя ўжо ўзведзены.
У першым выпадку нашмат больш магчымасцяў зрабіць шкло заўважным для птушак. Таму надзвычай важна, каб архітэктурная індустрыя ўлічвала гэтую неабходнасць ужо на этапе праектавання будынкаў.
Кампанія з ЗША вырабляе шкло з ультрафіялетавым пакрыццём, якое добра заўважнае птушкам, а чалавеку амаль не. Фота: guardianglass.com
Гэта датычыць і прыватных дамоў: зараз многія будуюць катэджы з празрыстымі і люстранымі паверхнямі.
Каб зрабіць шкло заўважным для птушак, можна фарбаваць яго або наносіць на яго розныя ўзоры з дапамогай некаторых тэхналогій.
Гэта можа быць суцэльнае фарбаванне валікамі або трафарэтны друк з дапамогай фарбапульта. Можна выкарыстаць лічбавы друк, пры якім фарба потым цвярдзее пад уздзеяннем УФ-промняў (УФ-друк). Пафарбаваць можна любыя шкляныя паверхні, напрыклад, фасаднае шкло, балюстрады, агароджы балконаў і тэрас, дэкаратыўныя элементы. Такая тэхналогія шырока распаўсюджаная і мае неабмежаваныя магчымасці па колерах і дызайне.
Прыклад друку на шкле. Фота oknatrade.ru
Другі метад, які дазваляе атрымаць бачныя птушкам узоры, – гэта траўленне шкляных паверхняў кіслатой, лазерная гравіроўка або пескаструменная апрацоўка. Тут таксама мора варыянтаў дызайну. Важна: гэтыя метады могуць парушыць структуру шкла, таму на ўжо ўсталяваных шыбах лепш іх не прымяняць.
Прыклады розных патэрнаў, зробленых на шкле з дапамогай траўлення кіслатой. Фота: guardianglass.com
Ніжэй відэа з прыкладам, як робіцца пескаструменная апрацоўка.
Дадатковы спосаб дэкору і ўмацавання шкляных паверхняў на этапе вытворчасці – налепкі або плёнкі (напрыклад, УФ) на ўсю паверхню або фрагментарна.
У выпадку з тымі будынкамі, якія ўжо існуюць, можна выкарыстоўваць налепкі ў выглядзе белых кропак або любой іншай формы, расклееныя па ўсёй паверхні шкла на адлегласці максімум 10 см адна ад адной.
Абклейка празрыстага акустычнага экрана ў Мінску. Фота: наш архіў
Раней папулярна было ляпіць сілуэты драпежнікаў, але практыка паказала, што гэта не мае сэнсу: форма налепкі няважная, галоўнае, каб птушкі заўважылі шкло. Калі лепяць сілуэты драпежнікаў, птушкі іх не баяцца і не пазбягаюць, і ў выніку ўсё адно сутыкаюцца з шыбай паміж сілуэтамі.
Можна таксама ўзяць так званыя ахоўныя фіранкі Акапяна (паводле прозвішча распрацоўшчыка) – парашутныя шнуры, якія вешаюць вертыкальна праз усё акно на адлегласці 10 см адзін ад аднаго. Выглядае эстэтычна і не псуе агляду з акна.
Ахоўныя фіранкі Акапяна. Фота birdsavers.com
Таксама ўжываецца лакіроўка шкла, роспіс фарбамі і эмульсіямі, УФ-маркерамі, якія нябачныя чалавеку, але заўважныя птушкам.
Кожны можа паспрыяць таму, каб менш птушак гінула ад сутыкненняў з шыбамі. Абярыце спосаб, які найлепш падыходзіць для вашага дома ці кватэры, тлумачце сваім дзеткам, чаму важна, каб празрыстыя паверхні былі бяспечнымі для птушак.
Магчыма, вы захочаце дамовіцца з адміністрацыяй школы або бізнес-цэнтра, у якім працуеце, каб зрабіць вокны гэтых будынкаў заўважнымі для птушак? А можа, вы натхніцеся зрабіць гэта проста ў межах свайго офіса? Любая справа тут вельмі важная!
Калі вы зрабілі сваё акно бяспечным для птушак і хочаце падзяліцца сваім досведам з іншымі, пішыце на basharymava.ptushki@gmail.com.
Паводле zawod-architekt.pl, аўтары доктар Эва Зыськ-Гарчыньска і доктар Рамуальд Мікусэк, кіраўнікі фонда “Fundacja Szklane Pułapki”
Пераклад і адаптацыя Алесі Башарымавай
Падзяліся артыкулам у сацсетках: